З такой з’явай, як беларуска-англійская лацінка, сутыкаўся кожны беларус пры афармленні свайго пашпарта.
Адных яна задавальняе, другіх — раздражняе. Паспрабуем, не даючы эмацыянальных ацэнак, аб’ектыўна разабрацца, наколькі такая сістэма лацінізацыі прыдатная для перадачы беларускіх прозвішчаў, паколькі гэтае пытанне апошнім часам актыўна абмяркоўваецца грамадскасцю і спецыялістамі.
Дакумент, паводле якога непасрэдна ажыццяўляецца транслітарацыя прозвішчаў, мае назву: «Алгоритм белорусско-английской транслитерации». Гэта сур’ёзная навуковая распрацоўка, якая, праўда, не атрымала пакуль нарматыўнага статусу.
Найперш узгадаем асноўныя крытэрыі, якім павінна адпавядаць сістэма транслітарацыі, прызначаная для забеспячэння задач міжнародных зносін. Гэта — нейтральнасць, адназначнасць, зваротнасць, традыцыйнасць.
Нейтральнасць прадугледжвае разуменне сістэмы лацінізацыі насельніцтвам усіх лацінамоўных краін. Дзеючыя ж правілы запісу беларускіх прозвішчаў лацінкай вузка арыентаваныя толькі на англамоўныя краіны. Таму прачытанне транслітараваных беларускіх прозвішчаў з пазіцыі іншых неславянскіх і славянскіх моў з лацінскай графічнай асновай дае розныя вынікі. Напрыклад, прозвішча Abanovich (Абановіч) італьянец прачытае як Абановік, немец як Абановіх, француз як Абановіш.
Пад адназначнасцю практычнай транслітарацыі маецца на ўвазе наяўнасць толькі аднаго эквівалента для аднаго зыходнага знака. У існуючай жа сістэме гэты прынцып да канца не вытрыманы: знак y ўжываецца для перадачы й і ы, а таксама выкарыстоўваецца ў складзе дыграфаў yo, yi, yu, ya, ye; літары t, s, h акрамя таго, што служаць эквівалентамі для т, с, г і адначасова ўваходзяць у склад дыграфаў для абазначэння ц, ж, ч, ш, х (ts, zh, сh, sh, kh). Літара г у розных пазіцыях перадаецца праз h i g.Да таго ж сістэма лінгвістычна непаслядоўная: зычныя ў ёй перадаюцца на англійскай аснове, а галосныя — на славянскай.
Зваротнасць азначае магчымасць ажыццявіць дакладнае адваротнае ўзнаўленне транслітараваных формаў. У рамках жа дзеючай сістэмы лацінізацыі не кожны беларус без спецыяльнай падрыхтоўкі зможа вызначыць зыходны выгляд беларускага прозвішча ад лацінааформленых напісанняў тыпу Abdzіushau (Абдзюшаў), Ablazhey (Аблажэй), Tsykhun (Цыхун), Vyunou (В’юноў), Buryan (Бур’ян), Pyryeu (Пыр’еў), Ivaniy (Іваній) і пад.
Традыцыйнасць сістэмы лацінізацыі праяўлецца, па-першае, у даўнасці і стабільнасці яе прымянення для патрэб дадзенай мовы, а, па-другое, у паслядоўным выкарыстанні адзінага варыянта лацінкі ва ўсёй пісьмовай практыцы. Аналізуемы ж алгарытм транслітарацыі быў складзены ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст. і, галоўнае, ужываецца толькі пры перадачы антрапонімаў (уласных найменняў людзей). Пры афармленні лацінкай назваў геаграфічных аб’ектаў дзейнічае іншы афіцыйна зацверджаны варыянт лацінкі. У выніку ў межах адной мовы два асноўныя класы ўласных імёнаў перадаюцца на лацінку паводле розных прынцыпаў.
У цэлым выходзіць, што прынятая для перадачы беларускіх прозвішчаў лацінка не адпавядае прынцыповым патрабаванням да аптымальнай сістэмы лацінізацыі.
Пракаментуем і асобныя канкрэтныя правілы алгарытму:
Некаторыя правілы сфармуляваны так, што пры адваротным узнаўленні транслітараваных прозвішчаў не выключаны розначытанні. Так, паралельнае ўжыванне знака u для абазначэння беларускіх літар ў, у і ю (у спалучэннях yu i iu), прыводзіць да таго, што, напрыклад, прозвішча Ilyushyn можа быць рэтранслявана як Ільюшын, Ілюшын, Ілыўшын. Перадача і пасля апострафа, мяккага знака і ў нескладовага праз yi нівелюе адрозненні паміж транслітараванымі прозвішчамі тыпу Мар’ін і Марыін (на лацінцы аднолькава Maryin), Бур’інскі і Бурыінскі — Buryinski.
Неабазначэнне памякчальнага мяккага знака правакуе нераспазнавальнасць транслітараваных прозвішчаў тыпу Mamonkin (Мамонкін і Мамонькін), Sapunko (Сапунко і Сапунько),Semiankou (Семянкоў і Семянькоў). У прозвішчы ж кожная літара — значымы знак, страта ці замена аднаго з якіх прыводзіць да з’яўлення новай іменалагічнай адзінкі. А гэта нярэдка выклікае непаразуменні і нават праблемы юрыдычнага характару.
Выкарыстанне дыграфаў пры перадачы некаторых літар (zh — ж, ch — ч, sh — ш, ts — ц, kh — х) стварае значныя цяжкасці пры распазнаванні выпадкаў іх ужывання для абазначэння адной беларускай літары і дзвюх. Як, напрыклад, правільна прачытаць прозвішчы тыпу Zhuk - Жук ці Згук, Shyrko - Шырко ці Сгырко?
Транслітарацыя прозвішчаў з літарай е ўвогуле ператвараецца ў галаваломку. Паводле правілаў алгарытму, ужыванне знакаў іе або е пастаўлена ў залежнасць ад наяўнасці або адсутнасці аманімічных (!) варыянтаў прозвішча: Тарасевіч павінна перадавацца як Tarasievich у выпадку, калі ёсць прозвішча Тарасэвіч, і як Tarasevich, калі такога суадноснага варыянта няма. Тут паўстае некалькі пытанняў. Перш за ўсё выклікае сумненне правамернасць ужывання тэрміна аманімія ў дачыненні да антрапонімаў. Прыведзеныя ў якасці ілюстрацыі прозвішчы Тарасевіч і Тарасэвіч — гэта не амонімы, а розныя самастойныя іменалагічныя адзінкі. Калі ўсё ж дапусціць існаванне з’явы аманіміі ў сферы анамастыкі, тады не ясна, якім чынам пры адсутнасці зводнага даведніка беларускіх прозвішчаў можна выявіць наяўнасць аманімічных прозвішчных варыянтаў.І нават калі, дапусцім, дакладна вядома, што прозвішча не мае так званага амоніма, усё роўна застаюцца праблемныя моманты. У такой сітуацыі ў алгарытме прапануецца перадаваць е пасля зычных праз е: Zaleski ад Залескі. Але літаральна такая ж рэкамендацыя даецца для транслітарацыі літары э: Sheiko ад Шэйко. Атрымліваецца, што запісваючы лацінкай прозвішчы з е і э, вельмі цяжка «патрапіць у правіла», а значыць іх лацінскае афармленне будзе не нарматыўным, а інтуітыўным.
А адсутнасць спецыяльнага знака для перадачы беларускага гука [ў] і абазначэнне яго ў лацінцы праз u вядзе фактычна да страты адметнай беларускай фанетычнай асаблівасці ў лацінскім варыянце імёнаў і прозвішчаў і надае ім небеларускае гучанне: Zharykau (Жарыкаў), Zubau (Зубаў), Praskouya (Праскоўя).
У цэлым значная колькасць выключэнняў і ўдакладненняў аналізуемага алгарытму робяць працэс транслітарацыі вельмі складаным нават для лінгвістаў. Для супрацоўнікаў жа пашпартных сталоў, якія якраз практычна і займаюцца пераводам прозвішчаў на лацінку і не маюць спецыяльнай філалагічнай падрыхтоўкі, такая задача можа ўвогуле аказацца не пад сілу. А не менш юрыдычна важная адваротная аперацыя ўзнаўлення транслітараваных прозвішчаў у шэрагу выпадкаў ператвараецца ў разгадванне шыфроўкі. На наш погляд, усе праблемы існуючай сістэмы лацінізацыі ўласных імёнаў і прозвішчаў выкліканы тым, што гэтая сістэма засноўваецца на графіцы, арфаграфіі і традыцыях адной канкрэтнай лацінапішучай мовы (у нашым выпадку — англійскай). Каб скласці алгарытм беларуска-англійскай транслітарацыі неабходна было англійскую графічную сістэму прыстасаваць для перадачы беларускіх фанетычных асаблівасцяў, г.зн. «звесці» генетычна вельмі далёкія мовы, стварыўшы беларуска-англійскі (ці англа-беларускі) гібрыд. У межах такога задання фактычна немагчыма было пазбегнуць указаных вышэй недахопаў. Беларуска-англійская лацінка найлепш падыходзіць для публікацый, адрасаваных англамоўным чытачам. А для мэтаў міжнароднага карыстання, на наш погляд, значна больш прыдатнай з’яўляецца ўмоўная сістэма транслітарацыі, якая не перадае прозвішча на канкрэтную мову, а ўяўляе сабой свайго роду «абстрактную» лацінку, дзе знакі лацінскага алфавіту служаць адцягненымі сімваламі для замены беларускіх літар. Прозвішчы, транслітараваныя паводле такой сістэмы, прачытваюцца не з пазіцый канкрэтнай мовы, а з дапамогай спецыяльнага ключа, які расшыфроўвае літарна-гукавыя суадносіны. Умоўная сістэма транслітарацыі з-за сваёй абстрактнасці, несумненна, адпавядае крытэрыю нейтральнасці. У яе рамках лёгка дасягнуць адназначнасці і, як вынік гэтага, дакладнай зваротнасці.
Беларусы, у параўнанні з іншымі народамі з кірылічным нацыянальным алфавітам, знаходзяцца у значна лепшай сітуацыі. Нам не трэба ствараць свой варыянт лацінкі. У гісторыі беларускай мовы быў дастаткова працяглы перыяд, калі лацінка (паралельна з кірыліцай) выкарыстоўвалася ў якасці нацыянальнай графікі — гэта ХІХ-пачатак ХХ стагоддзя. На сучасным этапе лагічна выкарыстоўваць гістарычна апрабаваную сістэму, а не «вынаходзіць» нейкі новы варыянт.
Адзначым, што сёння існуе практыка прымянення традыцыйнай лацінкі для перадачы беларускіх геаграфічных назваў. Такі спосаб транслітарацыі зацверджаны ў «Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта» (зарэгістраваная ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь 30.11.2000 г. № 8/4488). Прымяненне правілаў гэтай інструкцыі для перадачы прозвішчаў, дазволіла б дасягнуць адзінства лацінскай перадачы на беларускім анамастычным полі і спрасціць працэс транслітарацыі, бо, на наш погляд, напісанні Abziušaŭ, Ablažej, Cychun, Burjan, Voŭšyn, Marjin, Maryin, Zalieski, Šejko, Žarykaŭ больш простыя, чытэльныя і беларускія, чым іх прыведзеныя вышэй адпаведнікі, аформленыя па правілах беларуска-англійскай лацінкі. Акрамя таго, лацінізацыя прозвішчаў была б прыведзеная ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі, што, безумоўна, паспрыяла б павышэнню міжнароднага прэстыжу Беларусі і беларускай мовы.
Зразумела, што замяніць англізаваны варыянт лацінкі, які знайшоў афіцыйную прапіску ў сучасных беларускіх пашпартах, зусім не проста. Гэта не чыста філалагічнае пытанне, а задача дзяржаўнага ўзроўню. Аднак распачынаць работу па ўдакладненні прынцыпаў лацінскай перадачы беларускіх прозвішчаў, можна і трэба.
На заканчэнне хацелася б прывесці цікавы факт. У амерыканскім горадзе Бостане на помніку Тадэвушу Касцюшку, кіраўніку Польскага паўстання 1794 года, удзельніку вайны за незалежнасць Паўночнай Амерыкі 1775—1783 гг., стаіць надпіс — Kosciuszko.Тое, што прозвішча не сталі перарабляць на англійскі лад (тыпу Kostsiushko), а захавалі яго арыгінальны графічны выгляд, можна расцаніць як праяву павагі да мовы той краіны, з якой звязана імя славутай асобы. Думаецца, што і нам, беларусам, не варта забывацца на свае традыцыі, і арыентавацца найперш не на чужыя ўзоры, а на тое добрае, што стварылі самі.
(Больш падрабязная версія артыкула ў часопісе «Роднае слова» за 2007, № 6)
кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірына Гапоненка
nn.by
12.03.2013
|