У Гомелі 15 снежня адбыліся дзве сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым. У вучэбна-метадычным цэнтры на мерапрыемстве прысутнічала прыкладна 400 чалавек, у ДК «Фестывальны» — прыкладна 600.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» расказаў прысутным, чаму і з якой праграмай ідзе на выбары. Гаворачы пра сход на Кастрычніцкай плошчы, ён падкрэсліў, што мерапрыемства будзе мірным. «Мы будзем дамагацца датэрміновых выбараў, без Лукашэнкі, і стварэння новых выбарчых камісій», — заявіў Някляеў.

«Гавораць, што нас усіх корміць, усім дае зарплату і пенсіі адзін чалавек, але гэта не так, — сказаў кандыдат. — Ёсць пенсійны фонд, мы туды адлічваем грошы, але хто ведае, куды яны ідуць, ці бачылі вы хоць раз нейкую справаздачу ад пенсійнага фонду? У нас сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 58 гадоў, значыць, не ўсе і да пенсіі дажываюць. А ёсць яшчэ і прэзідэнцкі фонд, роўны бюджэту краіны.

У прэзідэнта запытвалі: чаму ж вы грошы гэтыя ў бюджэт не аддасце? Ён адказаў: раскрадуць».

Паводле меркавання Някляева, грамадзяне проста не ведаюць, што робіцца ў краіне, як, хто і за якую суму прыватызуюць прадпрыемствы, і гэта трэба змяніць.

На пытанне з залы «Што вы нам абяцаеце?» кандыдат заявіў, што ў выпадку перамогі на выбарах спыніць «закрываць рот хлуснёй» і крадзеж.

«Я абяцаю, што за ўладу трымацца не буду, і аднаго тэрміну мне дастаткова,

каб правесці рэформы і стварыць такія ўмовы, пры якіх Беларусь не вернецца да дыктатуры», — сказаў Някляеў.

Каментуючы заявы аб тым, што ён заклікае да незаконных дзеянняў на Кастрычніцкай плошчы, Някляеў адзначыў, што гэта не ён гаварыў пра піратэхніку і выбуховыя прыстасаванні, а кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. «Хай той, хто гаварыў, за гэта і адказвае», — лічыць кандыдат.

Ён падкрэсліў, што ўкладанні ў дабро, справядлівасць і праўду заўсёды эканамічна выгадныя, а эканоміка і палітыка — інструменты вырашэння сацыяльных праблем.

Падчас прамовы Някляева ў ДК «Фестывальны» з залы раздаўся гучны крык: «Што ты х…ю нясеш?!».

Кандыдат зрабіў заўвагу і заклікаў да парадку.

Мясцовыя апазіцыянеры апазналі таго, хто крычаў. Гэта быў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Гомельскага аблвыканкама Анатоль Каціла, пра што было заяўлена са сцэны. «Вось які ўзровень культуры ў нашых ідэалагічных работнікаў», — сказаў Някляеў.

На сустрэчы прысутнічаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Савецкага РАУС Гомеля Сяргей Яруціч. Карэспандэнт БелаПАН пацікавіўся ў яго,

чаму ён не прыцягнуў да адказнасці грамадзяніна, які выказваўся не літаратурна, на што Яруціч адказаў, што ён тут як грамадзянін і ён не чуў, што ў зале лаяліся нецэнзурна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?