https://www.traditionrolex.com/8
Зразумела, калі ты праводзіш экскурсію для гасцей-замежнікаў, гаворка пра беларускую мову не ідзе, іначай яны развярнуцца і сыдуць з аўтобуса. Але тым не менш нават у такой сітуацыі я ўвесь час уліваю «беларушчыну», насычаю цытатамі і фразачкамі, каб экскурсія грала колерамі, адценнямі. Калі мы паказваем Беларусь, абыйсціся без беларускай мовы немагчыма – гэта становіцца нежывым, статычным і нецікавым.

Праект Палажэння аб атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, які прапанаваў Мікалай Чырскі, прадугледжвае сярод іншых патрабаванняў абавязковае валоданне беларускай мовай. Які сэнс у тым, каб уключаць гэты пункт у Палажэнне, калі беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь? Як жывецца беларускамоўным экскурсаводам і як часта турысты замаўляюць экскурсіі па-беларуску? Па просьбе TIO.BY на гэтыя тэмы разважае экскурсавод Яраш МАЛІШЭЎСКІ:

– У нашай беларускай сітуацыі тое, што не задакументавана, можа стаць аргументам: «Гэта напісана, што я мушу абавязкова ведаць беларускую мову? Не напісана. Я цудоўна магу абысціся без гэтага». Валоданне мовай мусіць быць. Для чалавека, які займаецца культурай, гісторыяй, краязнаўствам, а гэта ўсё, безумоўна, звязана з працай экскурсавода, валоданне мовай – неад’емная рэч. Без гэтага ты не зможаш не толькі шмат чаго даведацца, а проста адчуць душу краіны, і ў цябе як экскурсавода будзе няпоўны камлект ведаў і непаўнацэнная падача – так бы мовіць, стэрылізацыя. Веданне мовы не мусіла б быць прапісаным, бо гэта натуральна, але ў нашай перакручанай сітуацыі, здавалася б, відавочныя рэчы часам не дзейнічаюць. Канешне, гэта можа выклікаць супраціў многіх, якія дагэтуль цудоўна абыходзіліся без беларускай мовы. Я б не падзяляў на маладых і сталых экскурсаводаў у гэтым сэнсе: і сярод моладзі шмат людзей прагрэсіўных, якія разумеюць, што гэта неадлучная частка, і ў старэйшага пакалення, якіх мудрасць і досвед прыводзяць да разумення. Вядома, і там, і там ёсць тыя, хто не жадае ўсведамляць, што займацца экскурсійнай працай і не ведаць беларускую мову проста немагчыма.

Па-першае, даволі часта адмыслова замаўляюцца беларускамоўныя экскурсіі. Па-другое, у незалежнасці ад таго, як ты праводзіш экскурсіі, нават калі толькі па-расейску, ёсць спецыфіка. У залежнасці ад сітуацыі, ад месца знаходжання ты часта мусіш штосьці працытаваць па-беларуску: верш прачытаць, прывесці факты з дакумента менавіта беларускага, іншыя тэматычныя цытаты ўжыць – гэта ўсё тое, што надае экскурсіі «цымус», колер і смак. Бывае так, што прыязджаеш у нейкую мясціну ў касцёл, напрыклад, а там святар – наш беларускі нацыяналіст. Ён пачынае апавядаць людзям, а яны – не разумеюць і просяць перакласці. То бок валоданне беларускай мовай можа быць нечакана запатрабавана – хай і ў невялічкім фрагменце, можа паўстаць у кожны момант. Не ведаючы мовы, раней ці пазней ты апынешся ў пройгрышнай сітуацыі.

Людзі, якія замаўляюць экскурсію, могуць быць і нашыя, і зборная група, і расейцы, якіх цяпер прыязджае так шмат, што палова наведнікаў – менавіта рускамоўныя госці. Зразумела, калі ты праводзіш экскурсію для гасцей-замежнікаў, гаворка пра беларускую мову не ідзе, іначай яны развярнуцца і сыдуць з аўтобуса. Але тым не менш нават у такой сітуацыі я ўвесь час уліваю «беларушчыну», насычаю цытатамі і фразачкамі, каб экскурсія грала колерамі, адценнямі. Калі мы паказваем Беларусь, абыйсціся без беларускай мовы немагчыма – гэта становіцца нежывым, статычным і нецікавым.

Нават калі едзе наша група, рамкі таксама досыць жорсткія, і ты не можаш дыктаваць сітуацыю: чалавек заплаціў грошы і адпаведна жадае экскурсію на той мове, якая для яго зразумелая і прывычная, таму незалежна ад сваіх перакананняў ты мусіш пад яго падладжвацца.

Неяк ссоўваць на свой бок можна, і калі групы нашы, я намагаюся схіліць іх, наколькі гэта магчыма, і трошкі паразважаць спачатку на гэту тэму: «Я спадзяюся, што мы па-беларуску будзем сёння размаўляць, раз мы едзем на экскурсію па беларускіх мясцінах». Часта гэта дае плён. Нашы людзі наогул такія, што іх часцяком куды павядзеш, туды яны пойдуць. Зразумела, я ўлады такой вялікай не маю, і справа гэта – цалкам добраахвотная: калі ўсё ж такі ты не сагітаваў, дыктата ніякага быць не павінна.

Да прыкладу, едзе група якога завода. Я пытаюся, як будзем праводзіць экскурсію, і магу такі адказ пачуць: «Я ваабшчэ па-беларускі нікагда не разгаварываю, но я прэкрасна ўсё панімаю, знаеце лі. Так што с удавольствіем паслушаю…». Таксама даволі тыповая для Беларусі сітуацыя (і нетыповая для іншых краін), калі сярод групы, дзе 90 адсоткаў прынамсі згодны правесці экскурсію па-беларуску, знаходзіцца адна нейкая «кікімара», якая кажа: «Ничего я не знаю. Я приехала из Рязани (Тулы, Сыктывкара) и 40 лет тут живу. Я этого языка не понимаю». Толькі ў Беларусі такое можа быць: ты пражыў усё жыццё ў краіне і як чалавек культурны мусіш хаця б зрабіць выгляд, што разумееш, іначай падаеш сябе поўным дэбілам. Але наш унікальны народ звычайна не настойвае: «Ну, ладна, давайце па-руску…». Бывае і наадварот, калі ўсе кажуць: «Не слухайце яе, давайце па-беларуску!». Аднак гэты чалавек потым ідзе насуперак, упіраючы на тое, што заплаціў грошы. Сапраўды гэта так – нам плацяць грошы, таму, на жаль, мы вымушаны лавіраваць у такой сітуацыі.

З другога боку, часта расейцы прыязджаюць і дзівяцца: «Чаму мы беларускую мову ў вас не чуем?». У гэтым сэнсе мы выглядаем пройгрышна, бо самі адмаўляемся ад сваёй спецыфікі: чалавек, прыехаўшы, не адчувае смаку краіны, і яго ўражанні збядняюцца. Я да таго, што тыя ж госці самі просяць, каб я прачытаў беларускі верш ці, калі даведваюцца, што я – музыка, праспяваў кавалачак песні якой. Дарэчы, калі ідзе цытаванне беларускіх твораў, госці са здзіўленнем кажуць: «Мы наогул думалі, што беларуская мова – гэта тое, як выступае адна асоба. А тут я нічога не разумею, але так прыгожа».

Беларуская мова ўспрымаецца гасцямі станоўча, калі ты жывасілам не «піхаеш», толькі «на ўра» ідзе. Самі госці часта пытаюцаа: «Чаму шыльды не на вашай мове? Чаму музыка гучыць не ваша, а наша папса?». То бок госці адчуваюць, што беларусы самі сябе абкрадаюць. Пра гэта часта даводзіцца гаварыць. Адкрыў чалавек кавярню – цудоўна, а калі ты зробіш яе, спрошчана кажучы, у нацыянальным стылі з ўсімі «фішкамі», гэта пойдзе «на ўра»: і народ пацягнецца, і грошы заробіш. А ён баіцца ці няўпэўнены, таму робіць еўрарамонт, які ўжо ўсім абрыднуў. Каму гэта цікава? Людзям цікавая арыгінальнасць. І мова – такая ж арыгінальная «фішка». На жаль, пакуль многія гэтага не ўсведамляюць.

Што ёсць Нацыянальная бібліятэка? Спаруда са шкла і бетону, якіх у Кітаі мільёны: прыехаў, глянуў – стаіць, ну і стаіць. А калі гістарычны будынак будзе накрыты не металадахоўкай, а гонтам, чалавек падыдзе, памацае: «О, а гэта што, з дрэва?». Гэта – грае, гэта – запомніцца, у гэтым – развіццё і прыбытак. Так дзіўна, што людзі да гэтага не дайшлі. Я не фантазірую, я ўвесь час гэта чую ад гасцей: «Чаму вы не робіце? Рабіце!».

Абязлічванне вядзе да адсутнасці цікаўнасці. Калі ўсё аднолькавае: шклопакеты, плітка, металадахоўка, мова – няма жыцця. Паглядзіце на помнік пасля беларускай рэстаўрацыі – ванітуе. Гэта відавочна, толькі не для нас… Парадокс яшчэ ў тым, што людзі самі сябе выстаўляюць ёлупнямі, калі кажуць: «Я не буду. Я не хачу. Мне гэта ўсё беларускае непатрэбна». Гэта агрэсіўнае такое невуцтва. Калі мы адмаўляем і адсякаем тое, што ёсць для нас падставовым, самі сябе абкрадаем і прайграем. Калі ўжо не прайгралі – канчаткова.

https://www.traditionrolex.com/8