Стамлёны ўсім ...
Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы смерць,
Чым занядбаных бачыць жабраванне,
І здзек пустапарожнасці цярпець,
І найчысцейшай праўды зневажанне,
І бачыць пыху ў залатых страях,
І цноту, згвалчаную хіжай сілай,
І для бязглуздасці пачэсны шлях,
І моц, якую немач паланіла,
І мастакоў нізкапаклонны зброд,
І недарэк мастацтвазнаўцаў з імі,
І ісціну, якой затулен рот,
І зло, што верхаводзіць над усімі.
Стамлёны ўсім, сумую па труне.
Ды як жа друг мой будзе без мяне?
(Уільям Шэкспір. Санеты. 66. Перакл. У. Дубоўкі, 1964)
Паслухаць гэты санет у выкананні Леаніда Валадзько можна тут.
|
Санет 66
Зняможаны, малю ратунку ў смерці,
Бо ходзіць варты долі ў жабраках,
І ўсё як ёсць нікчэмнасць прагне сцерці,
І вера ўся ў знявераных руках.
І ганьбу пакрывае пазалота,
І цноту грубасць на таргі вядзе,
І слаўная зняслаўлена істота,
І сілу немач ссільвае ў бядзе.
І затыкае рот мастацтву ўлада,
І цёмны вучыць, як знябыць імглу,
І праўда быць прасцячкай шчырай рада,
І годнае дабро слугуе злу.
Зняможаны, зірнуў бы ў вочы смерці,
Ды як любоў самотна жыцьме ў свеце?
(Уільям Шэкспір. Санеты. 66. Перакл. Р. Барадуліна)
|