Стамлёны ўсім ...Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы смерць, Чым занядбаных бачыць жабраванне, І здзек пустапарожнасці цярпець, І найчысцейшай праўды зневажанне, І бачыць пыху ў залатых страях, І цноту, згвалчаную хіжай сілай, І для бязглуздасці пачэсны шлях, І моц, якую немач паланіла, І мастакоў нізкапаклонны зброд, І недарэк мастацтвазнаўцаў з імі, І ісціну, якой затулен рот, І зло, што верхаводзіць над усімі. Стамлёны ўсім, сумую па труне. Ды як жа друг мой будзе без мяне? (Уільям Шэкспір. Санеты. 66. Перакл. У. Дубоўкі, 1964) Паслухаць гэты санет у выкананні Леаніда Валадзько можна тут. | Санет 66Зняможаны, малю ратунку ў смерці, Бо ходзіць варты долі ў жабраках, І ўсё як ёсць нікчэмнасць прагне сцерці, І вера ўся ў знявераных руках. І ганьбу пакрывае пазалота, І цноту грубасць на таргі вядзе, І слаўная зняслаўлена істота, І сілу немач ссільвае ў бядзе. І затыкае рот мастацтву ўлада, І цёмны вучыць, як знябыць імглу, І праўда быць прасцячкай шчырай рада, І годнае дабро слугуе злу. Зняможаны, зірнуў бы ў вочы смерці, Ды як любоў самотна жыцьме ў свеце? (Уільям Шэкспір. Санеты. 66. Перакл. Р. Барадуліна) |