Гэльскамоўны дарожны ўказальнік у Шатландыі, дубляваны па англійску

Гэльскамоўны дарожны ўказальнік у Шатландыі, дубляваны па англійску

Ці чакаў бы Шатландыю росквіт яе мінарытарных моў, калі б яна стала незалежнай? Найперш трэба разгледзець заблытаную моўную сітуацыю ў Шатландыі. Сёння ў краіне, акрамя моў эмігрантаў, распаўсюджаныя наступныя: англійская ці яе шатландскі варыянт, скотс, шатландская гэльская мова і брытанская жэставая мова.

Паводле дадзеных перапісу 2011, насельніцтва Шатландыі складае 5 млн 295 тыс. чалавек (5 млн 118 тыс. 223 чалавекі ад трох год, звесткі пра якіх атрыманыя ў апытанні). Па­-англійску размаўляюць, чытаюць і пішуць 93,7% насельніцтва. Усяго 8,6 тысяч чалавек зусім ёй не валодаюць.

Англійская мова бытуе ў Шатландыі ў форме спецыфічных шатландскіх варыянтаў, якія маюць фанетычныя і ў меншай ступені лексічныя ці граматычныя асаблівасці.

Спадчына Нартумбрыі

Мова скотс — германская мова, адносна блізкая да англійскай. Гэта нашчадак паўночнага дыялекту стараанглійскай (англа­саксонскай) мовы. У старажытнасці паўднёва­-ўсходняя Шатландыя ўваходзіла ў склад каралеўства германцаў­-англаў Нартумбрыя. Затым паўночная Нартумбрыя апынулася ў складзе гэламоўнага каралеўства Альба (Шатландыя па­-гэльску), якое ўтварылася пасля аб’яднання перасяленцаў з Ірландыі — скотаў і ранейшага насельніцтва большасці Шатландыі — піктаў. Але англы захоўваюць сваю мову, а пасля нарманскай заваёвы Англіі ў Шатландыю перасяляецца шмат паўночных англічан. У ХІІ стагоддзі шмат земляў у Шатландыі было перададзена англа­нарманскім феадалам, а таксама фламандцам і брэтонцам. Таму некаторыя вядомыя шатландскія прозвішчы маюць кантынентальнае паходжанне, напрыклад: Брус — англа­нарманскае, Дуглас — фламандскае, а Сцюарт — брэтонскае.

Як і ў Беларусі, у Шатландыі мелі месца гістарычныя метамарфозы назваў моў. Акрамя таго, носьбіты, называючы сваю мову, могуць карыстацца не толькі тэрмінам скотс, але і іншымі яе назвамі, а таксама назвамі дыялектаў. Гэта прыводзіла і прыводзіць да блытаніны. Нашчадкі англа­саксаў да канца XV стагоддзя называлі шатландскую гэльскую мову Scottis, шатландскай. Пры гэтым сваю мову яны называлі Inglis — англійскай. Носьбіты шатландскай гэльскай мовы называлі тады мову англа­-саксаў Beurla Shassanach — мова саксаў.

Inglis — «гарадская» мова

Вырашальным фактарам распаўсюду Inglis у Шатландыі стала заснаванне протагарадоў­-бургаў, жыхары якіх размаўлялі на гэтай мове. У ХІІІ—ХIV стагоддзях яна робіцца асноўнай мовай гараджан і літаратурнай мовай, а арэал гэльскай паступова звужаецца да Хайлэнда, паўночна­-заходняй часткі Шатландыі. У канцы ХIV стагоддзя паняцці хайлэндар (горац) і гэламоўны чалавек робяцца сінанімічнымі.

У незалежным шатландскім каралеўстве Inglis Шатландыі пачаў развівацца сваім шляхам, тады як жыхары паўночнай Англіі ўсё больш арыентаваліся на паўднёваанглійскі стандарт. У 1498 пасол Касціліі і Арагона ў Шатландыі пісаў, што «шатландская мова караля Джэймса IV настолькі ж адрозніваецца ад англійскай, як касцільская мова адрозніваецца ад арагонскай». У адным дакуменце XVI стагоддзя сярод замежных моў, якімі валодае каралева Англіі Елізавета І, называецца і скотс. 

Залаты век і заняпад

З канца XV стагоддзя носьбіты мовы скотс сталі сваю мову ўсё часцей называць Scottis, а шатландскую гэльскую — Erse, ірландскай. У другой палове XV стагоддзя носьбіты скотс пачынаюць называць мову англічан Suddron — паўднёвай, каб падкрэсліць яе адрозненне ад сваёй мовы. XV і XVІ стагоддзі — залаты век літаратуры на скотс.

Адной з перадумоў яе заняпаду стала тое, што ў пачатку XVІІ стагоддзя шатландскі кароль Джэймс VІ заняў англійскі трон пад імем Джэймса І, і Шатландыя пазбавілася ўласнага каралеўскага двара. Акрамя таго, шатландскія пратэстанты вырашылі карыстацца англійскай Бібліяй караля Джэймса.

Адукаваныя шатландцы пераходзілі на англійскую мову, якая пачала моцна ўплываць на скотс. Шатландскі паэт і філосаф Джэймс Біці нават выдаў слоўнік скатыцызмаў, каб паказаць суайчыннікам, якіх словаў яны павінны пазбягаць у правільнай англійскай гаворцы.

Тым не менш у XVІІІ і ХІХ стагоддзях традыцыя літаратурнай скотс не перарываецца. Напрыклад, у 1786 годзе Роберт Бёрнс выдае кнігу «Вершы ў асноўным на шатландскім дыялекце», якая набывае надзвычайную папулярнасць. Сэр Вальтэр Скот у пачатку ХІХ стагоддзя выдае шатландскія балады, а ў сваіх раманах выкарыстоўвае дыялогі на скотс. У пачатку ХХ стагоддзя паэты Шатландскага Адраджэння ствараюць лаланс (Lallans), сінтэзаваную з розных дыялектаў і старажытнага моўнага матэрыялу форму скотс. Граматычная і арфаграфічная норма літаратурнай скотс канчаткова не ўсталявалася, хаця ў гэтым кірунку зроблена ўжо шмат.

Размеркаванне скотс-моўных у Шатландыі, паводле перапісу 2011

Размеркаванне скотс-моўных у Шатландыі, паводле перапісу 2011

Размеркаванне гэламоўных у Шатландыі, паводле перапісу 2011

Размеркаванне гэламоўных у Шатландыі, паводле перапісу 2011

 Мова ці спосаб размаўляць?

Зараз — некалькі слоў аб статусе скотс. Адзінага погляду няма і дагэтуль. Нават у адной і той жа літаратурнай крыніцы скотс можа называцца то мовай, то варыянтам англійскай мовы. На афіцыйным узроўні кропку ў гэтым пытанні можна лічыць пастаўленай. Брытанскі ўрад, паводле ратыфікаванай ім «Еўрапейскай хартыі рэгіянальных ці мінарытарных моў», «прызнае і паважае скотс у якасці асобнай мовы і не лічыць выкарыстанне скотс прыкметай кепскага валодання англійскай мовай».

Тым не менш нядаўняе даследаванне паказвае, што большасць шатландцаў больш­-менш згодныя з тым, што «разглядаюць скотс не як мову, а, хутчэй, проста спосаб размаўляць». Такое стаўленне з’яўляецца адной з перашкодаў яе развіццю.

Калі вы чуеце трасянку, то, хутчэй, лічыце, што чалавек размаўляе па­-беларуску з рускім акцэнтам ці па­-руску з беларускім? Відаць, гэта залежыць ад ступені беларускасці/рускасці ў кожным выпадку і ад вашых геапалітычных і эстэтычных поглядаў. А можа, трасянка для вас гэта нешта своеасаблівае? Вось тое і са скотс. Паколькі скотс — мова, блізкая да англійскай, то для Шатландыі характэрна вялікая колькасць пераходных варыянтаў, а таксама змяшэнне моў у гаворцы пэўнага чалавека. Можна сказаць, што існуе кантынуум, на адным полюсе якога — максімальна спецыфічная скотс, а на іншым — англійская мова з шатландскім акцэнтам. Гаворка канкрэтнага чалавека можа знаходзіцца ў пэўным пункце кантынуума, а можа перамяшчацца па ім у залежнасці ад сітуацыі.

Важным крокам у легітымізацыі скотс было ўключэнне пытання пра валоданне ёй у апытальныя лісты перапісу 2011 года. Улічваючы стаўленне да скотс хутчэй як да дыялекту ці нават як да сапсаванай англійскай мовы, а таксама блытаніну з назвамі, перад перапісам Цэнтрам мовы скотс была праведзена адмысловая тлумачальная кампанія.

Паводле дадзеных перапісу, у той ці іншай ступені валодаюць скотс 37,3% насельніцтва, пры гэтым размаўляюць, пішуць і чытаюць на ёй — 24%. На скотс размаўляюць таксама ў Паўночнай Ірландыі (8,1% насельніцтва) і ў Рэспубліцы Ірландыя.

Скотс — самая распаўсю­джаная мінарытарная мова Вялікабрытаніі, пры гэтым падтрымка ёй аказваецца найменшая. У асноўных газетах матэрыялаў на скотс вельмі мала. Тэлебачання ці радыё на скотс няма, хаця маюцца асобныя праграмы.

Да 40-­х гадоў пазіцыя шатландскага дэпартамента адукацыі ў адносінах да скотс была зняважлівая: маўляў, гэта мова непісьменных людзей, якая не падыходзіць для адукацыі і культуры. Сёння як прадмет скотс у школе не вывучаецца, хіба маецца неабавязковы курс для старшакласнікаў. Падручнікаў па школьных прадметах на скотс няма. Настаўнікаў, праўда, афіцыйна заахвочваюць разглядаць скотс у курсе англійскай мовы, напрыклад, праз вывучэнне літаратуры на гэтай мове, правядзенне мерапрыемстваў і г.д. Гэта і робяць энтузіясты. Створана сетка афіцыйных каардынатараў для распаўсюду скотс у адукацыйнай сферы. Натуральна, скотс­моўныя настаўнікі могуць выкарыстоўваць гэту мову ў выкладанні, але многія карыстаюцца на працы англійскай. Шатландскія ВНУ прапануюць курсы скотс.

Не размаўляюць, але хацелі б

У 2010 годзе ў Шатландыі было праведзена даследаванне выкарыстання скотс і стаўлення да яе. Атрымалася, што 85% апытаных размаўляюць на скотс хаця б зрэдку, а 20% — часта. Прыблізна дзве траціны апытаных лічаць, што скотс актуальны для сучаснай Шатландыі. У асноўным на скотс размаўляюць у сям’і і з сябрамі, істотна менш — на працы.

34% рашуча згадзіліся, а 30% у пэўнай ступені згадзіліся з выказваннем «я не разглядаю скотс як мову, гэта хутчэй проста спосаб размаўляць». Усяго 29% больш-­менш згодныя, каб скотс вывучалася ў школах. Але большасць жадала б, каб дзеці заахвочваліся выкарыстоўваць скотс.

На перапісе 93% адказалі, што дома яны размаўляюць толькі па-англійску, на скотс — 1% (столькі ж, дарэчы, па-­польску), ­па-гэльску — 0,5%. Што да скотс, то гэты паказчык надзіва адрозніваецца ад вынікаў даследавання 2010 года. Правільнасць ацэнак магла сказіць няпэўнасць паняцця скотс у свядомасці.

Клан, плед, лох, віскі і слоган

Шатландская гэльская мова — кельцкая мова гэльскай групы, роднасная ірландскай. Гэта нашчадак мовы скотаў, якія ў V стагоддзі перасяліліся на захад сучаснай Шатландыі з Ірландыі. Да Х стагоддзя каралеўства скотаў аб’ядноўваецца з піктамі, узнікае каралеўства Альба, пікцкая ж мова знікае. Верагодна, да XV стагоддзя на гэльскай размаўляла большасць насельніцтва Шатландыі.

Напэўна, чытач ведае некалькі гэльскіх слоў, у прыватнасці, клан, плед, лох (як у Лох Нэс), віскі і слоган. Слова клан паходзіць ад гэльскага слова са значэннем «дзеці». Слова віскі паходзіць ад словазлучэння uisce beatha, што значыць вада жыцця. «Слоган» — ад sluagh­ghairm — баявы кліч.

Як ужо адзначалася, арэал гэльскай паступова звужаўся да Хайлэнда і заходніх астравоў. Шатландскі закон аб адукацыі 1872 года прывёў да забароны ўжывання гэльскай мовы ў адукацыйнай сферы. За сто год з 1891­-га колькасць носьбітаў мовы скарацілася амаль у чатыры разы.

Апошні перапіс засведчыў, што хаця б у нейкай ступені гэльскай валодае 87.000 чалавек ці 1,7% насельніцтва (10 год таму такіх было 1,9%). Колькасць людзей, што размаўляюць, пішуць і чытаюць на гэльскай, склала 32000 чалавек, ці 0,6%. Гэта лічба за 10 год не змянілася.

Шатландскі закон «Аб гэльскай мове» (2005) заснаваў установу пад назвай Гэльская рада. Яна ўпаўнаважана патрабаваць ад дзяржаўных шатландскіх арганізацый стварэння і выканання планаў па развіцці мовы ў сферах сваёй кампетэнцыі.

Калі ў 1985 усяго 24 школьнікі пачатковых класаў вучыліся па­гэльску, то зараз каля тысячы наведвае гэламоўныя дзіцячыя садкі, а 2,5 тысячы вучыцца ў гэльскіх пачатковых школах, якіх больш за 60. Цікава, што для большасці гэтых дзяцей гэльская не з’яўляецца першай мовай.

Ёсць 46 сярэдніх школ, дзе вывучаецца гэльская, 14 з іх прапануюць нямоўныя прадметы на ёй. У сярэдняй школе на гэльскай мове вучыцца (ці вывучае на павышаным узроўні) больш за тысячу чалавек. Больш за 8000 дзяцей вучыць яе ў англамоўных школах як асобны прадмет. Яна вывучаецца ва ўніверсітэтах і каледжах.

Бі­бі­сі мае гэламоўны радыё­ і тэлеканал «Альба», які фінансуецца ўрадам Шатландыі. Гэламоўныя перадачы ёсць і ў праграмах іншых тэлекампаній. Чыста гэламоўных газет няма, але гэламоўныя матэрыялы друкуюцца ў шэрагу выданняў.

У 2011—2012 шатландскі ўрад выдаткаваў на гэльскую мову прыкладна 23 мільёны фунтаў, што склала 0,07% ад яго агульнага бюджэту.

Няпэўная «Будучыня Шатландыі»

Зараз паспрабуем прааналізаваць, як бы незалежнасць адбілася на моўнай палітыцы Шатландыі. У 2013 урад апублікаваў дакумент пад назвай «Будучыня Шатландыі. Твой праваднік па незалежнай Шатландыі». Гэты змястоўны тэкст падрабязна апісвае перспектывы незалежнасці для розных сфераў жыцця, у тым ліку і для моў. Там ёсць і адказы на пытанні, дасланыя грамадзянамі ва ўрад.

На пытанне «Якія будуць нашы нацыянальныя мовы?» гучыць адказ: маўляў, урад прапануе не мяняць наяўныя статусы англійскай, гэльскай, скотс і брытанскай жэставай мовы. Праўда, далей ідзе заўвага, што канстытуцыйная рада, скліканая пасля атрымання незалежнасці, магла б разгледзець статус моў Шатландыі ў яе канстытуцыі.

Падтрымка гэльскай мовы працягнулася б. Дакумент прызнае вялікую ролю для незалежнай Шатландыі гэльскай мовы і мовы скотс. У «Будучыні Шатландыі» адзначана, што ўрад працягне мацаваць статус і павялічваць колькасць носьбітаў гэльскай мовы праз забеспячэнне адукацыі на ўсіх узроўнях (праўда, пералічаны толькі пачатковая і сярэдняя адукацыі). На гэльскае тэлевяшчанне плануецца выдаткоўваць 12 мільёнаў фунтаў на год.

З іншага боку, пазіцыя ўрада не была адшліфавана і нават давала падставы фантазіраваць, што магчымы і сур’ёзны прарыў. У тэксце маецца дзіўнае абяцанне таго, што гэльская зойме цэнтральнае месца ў грамадскім жыцці Шатландыі. Ніякага тлумачэння, як гэта будзе зроблена з мовай, якой валодае 1,1% насельніцтва, не прыводзіцца.

У адказ на пытанне, ці атрымае скотс пасля незалежнасці больш падтрымкі, урад дае адказ: маўляў, апошні перапіс даў звесткі, на якіх і будзе грунтавацца далейшая распрацоўка моўнай палітыкі і развіццё ўжывання і статусу мовы. Але, як мы бачылі, перапіс паказаў, з аднаго боку, высокі працэнт валодання скотс, а з іншага — татальнае валоданне англійскай мовай. Які ўзровень падтрымкі абраў бы ўрад у такой сітуацыі, невядома.

Можна спадзявацца, што працяг і некаторая інтэнсіфікацыя цяперашняй моўнай палітыкі ў дачыненні да гэльскай нарэшце прывядзе да росту колькасці носьбітаў мовы, бо за апошнія дзесяць год назіралася мінімальнае падзенне колькасці гэламоўных з 1881 года. Але з выкананнем абяцанняў ужо ўзніклі праблемы. Напрыклад, бланкі для рэферэндуму ўрад надрукаваў толькі на англійскай мове. Пратэсты былі праігнараваныя, а шырокая грамадскасць (акрамя гэламоўнай) засталася абыякавай.

Дарэчы, аб абыякавасці. Нядаўняе даследаванне стаўлення да гэльскай мовы паказала, што толькі 56% з тых, хто верыць, што незалежнасць дадала б шатландцам гонару за сваю краіну, жадалі б, каб на гэльскай у будучыні размаўляла больш людзей, чым цяпер. Сярод тых, хто лічыць сябе шатландцам, а не брытанцам, такіх 51%. Праўда, гэтае ж даследаванне засведчыла, што чым больш людзі схіляюцца да шатландскай ідэнтычнасці і чым больш яны захапляюцца ідэяй незалежнасці, тым больш яны жадаюць, каб колькасць носьбітаў гэльскай павялічылася.

Пакуль не праведзена лангіцюдных даследаванняў, якія б паказалі колькасць носьбітаў скотс і стаўленне да гэтай мовы ў дынаміцы. Таму нельга зрабіць абгрунтаваных высноў аб уплыве цяперашняй моўнай палітыкі на стан гэтай мовы. Але падаецца, што захаванне цяперашняга статус­кво недастатковае для росквіту скотс як паўнавартаснай мовы — сапраўды, трэба ўздымаць яе статус у свядомасці носьбітаў, развіваць адукацыю і медыя. Іншае пытанне, ці трэба яно ім і, што важней, ці гатовыя яны зрабіць рэальныя крокі: напрыклад, аддаць дзяцей у скотс­моўныя школы? Як мы бачылі, вынікі апытання на гэту тэму супярэчлівыя.

«Мова ў нас усіх супольная»

А што, дарэчы, з англійскай мовай? Скрозь усю «Будучыню Шатландыі» падкрэсліваецца, што еднасць шатландцаў з астатнімі брытанцамі застанецца непарушнай, у тым ліку дзякуючы «адной з імі мове, культуры і гісторыі». Затым урад даводзіць, як выгадна будзе і далей прымаць брытанскіх студэнтаў у шатландскіх універсітэтах, а яны прыедуць, бо «мова ў нас усіх супольная». Як адзначаюць аналітыкі, англійская мова робіць Шатландыю вельмі прывабнай на моўным рынку — тая ж сусветная мова ды яшчэ з мясцовым рамантычным каларытам.

Акрамя таго, у выпадку незалежнасці на скотс і на гэльскую больш не распаўсюджвалася б падтрымка, гарантаваная «Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных ці мінарытарных моў», бо падпісвала яе не Шатландыя, а Вялікабрытанія. Незалежная ж Шатландыя не атрымала б аўтаматычнага сяброўства ў ЕС. І калі гэльскую абараняе яшчэ і адмысловы шатландскі закон, то скотс пазбавіўся б свайго канкрэтнага статусу.

Незацікаўленасць прыхільнікаў незалежнасці моўным пытаннем можа указваць на тое, што ў выпадку незалежнасці істотнага прарыву ў моўнай сферы не было б. Не выключана змена стаўлення пасля незалежнасці, але наколькі гэта імаверна? Так што, з аднаго боку, шатландскім моваабаронцам не варта сумаваць, а з іншага — ім будзе не да суму.

Не выключана, што калі рух за незалежнасць ці пашырэнне аўтаноміі працягнецца, то яго прыхільнікі нарэшце звернуць большую ўвагу на моўнае пытанне, шукаючы падтрымкі ўсіх гэламоўных і свядомых носьбітаў скотс. Калі ж паўнамоцтвы Эдынбурга ў сферах падаткаабкладання, бюджэту і сацзабеспячэння сапраўды павялічацца, то паглядзім, якія эканамічныя выгоды гэта прынясе краіне і колькі ад тых выгодаў будзе скіравана на развіццё спрадвечных шатландскіх моваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?